БЕЗНАЯ́ЎНЫ РАЗЛІ́К,

разлік без удзелу наяўных грошай — шляхам пераводу (пераліку) пэўнай сумы з рахунку плацельшчыка на рахунак крэдытора ў крэдытных установах ці шляхам заліку ўзаемных патрабаванняў. У нац. абароце выконваецца: плацежнымі патрабаваннямі, даручэннямі, патрабаваннямі-даручэннямі, чэкамі, акрэдытывамі, вэксалямі, інкасавымі даручэннямі. Найчасцей безнаяўныя разлікі звязаны з інкасаўскімі аперацыямі банкаў, калі банк паводле даручэння свайго кліента і на аснове разліковых дакументаў атрымлівае грашовыя сродкі, якія належаць гэтаму кліенту, ад інш. суб’ектаў гаспадарання і залічвае іх на рахунак атрымальніка (кліента). Плацяжы па безнаяўных разліках ажыццяўляюцца: пасля адгрузкі (водпуску) прадукцыі, выканання работ, аказання паслуг ці як папярэдняя аплата на агавораных (устаноўленых) умовах; са згоды плацельшчыка і пры наяўнасці сродкаў на яго рахунку ці крэдыту, прадугледжанага дагаворам. Безнаяўныя разлікі выкарыстоўваюцца і ў міжнар. эканам. адносінах.

Г.І.Краўцова.

т. 2, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)